bannerbannerbanner
Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час

Леанід Лаўрэш
Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час

Полная версия

© Леанід Лаўрэш, 2025

ISBN 978-5-0065-9428-9

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Гісторыя сям'і Нарбутаў сыходзіць каранямі ў вельмі далёкія часы. Сярод прадстаўнікоў гэтага роду меліся вайскоўцы, палітыкі, пісьменнікі і гісторыкі. Асаблівае месца сярод іх займае Тэадор Нарбут. У 1854 г. гісторык, публіцыст і выдавец Адам Кіркор пісаў: «Усе адукаваныя краіны Еўропы ганарацца сваімі гістарыёграфамі, і ў кожнай з краін вельмі мала ёсць асоб, працы якіх сталі гонарам свайго края. Аддаючы належную пашану мінулым і сучасным працаўнікам на гістарычнай ніве, шчыра прызнаемся, што ў нашай літаратуры мы можам ганарыцца толькі двума асобамі, заслугай якіх з'яўляецца стварэнне вялікіх і маштабных прац, у якіх выкладаецца гісторыя нашай краіны. Гэта Адам Нарушэвіч1 і Тэадор Нарбут. Але першы меў шчодрую падтрымку караля Станіслава Аўгуста, багацце матэрыялаў і такога здольнага і працавітага памочніка як Альбертрандзі2, пры гэтым, ён, пачаўшы пісаць гісторыю, зрабіў толькі палову працы – старасць спыніла яго пяро. Тэадор Нарбут сам распачаў і сам закончыў (скажам гэта смела) сваю вялікую справу. Сваімі намаганнямі і за свой кошт, праз археалагічныя раскопкі і пошукі ў далёкіх архівах ён стварыў гісторыю ВКЛ і праклаў дарогу для яе даследчыкаў у будучыні. І нават сёння, калі яго галава ўжо пасівела, ён з маладой энергіяй заканчвае і ўдасканальвае розныя часткі сваёй манументальнай працы. Сапраўдны творца літоўскай гісторыі, ён усім сваім жыццём паказаў, што можа зрабіць адзін чалавек з рашучым і нязломным характарам. Дзевяць тамоў ягонай гісторыі даюць яму безумоўнае права на славу і вядомасць. Ён шчаслівы, бо пры сваім жыцці ўбачыў плён сваёй працы і адчуў пашану землякоў. Вывеў ліцвінаў з цёмнай, нязведанай пячоры і прайшоў з імі ад паганскай калыскі да хрысціянкай Рэчы Паспалітай. Шмат гадоў прысвяціў карпатлівай працы па зборы матэрыялаў нашай таямнічай мінуўшчыны, перш чым з гэтага амаль што нікім не кранутага хаосу, выкрышталізавалася гарманічнае цэлае – гісторыя роднай зямлі, якую ён, як самы каштоўны скарб, падараваў сваім суайчыннікам»3.

Пра Тэадора Нарбута і яго сям'ю я пісаў і раней4, гэта кніга падсумоўвае папярэднюю працу. У значнай ступені яна грунтуецца на перапісцы доктара Аніцэта Рэніера з гісторыкам, інфармацыі Уладзіслава Сыракомлі пра яго калекцыю, архіве яго дачкі Тэадоры Манчунскай5, успамінах Камілы Юрэвіч з Нарбутаў6 і г. д. Сканы нявыкарыстаных да гэтага часу ў беларускай гістарыяграфіі вельмі карысных тэкстаў Манчунскай і Юрэвіч, аплаціў мой сын, за што яму вялікі дзякуй.

Архіў Тэадоры Манчунскай складаецца са 142 сканаў здвоеных старонак, якія на жаль, не з'яўляюцца паслядоўным, наратыўным тэкстам. Галоўным зместам архіва ёсць вершы яе бацькі, розныя яго ненадрукаваныя ў прэсе артыкулы, метэаралагічныя заўвагі, а таксама ўрыўкавыя ўспаміны самой Манчунскай пра сям'ю (гэтыя ўспаміны амаль што цалкам выкарыстаны ў кнізе) і раней не надрукаваны тэкст самога Тэадора Нарбута пра яго род, які цалкам прыводзіцца ў дадатках.

Успаміны Камілы Юрэвіч з Нарбутаў, падобна, напісаны як артыкул для перыёдыкі, у ім шмат агульнавядомай інфармацыі, але яе тэкст карысны перш за ўсё асабістым поглядам аўтаркі і цікавымі заўвагамі пра далёкага сваяка, якім быў для яе Тэадор Нарбут.

Шмат новай і грунтоўнай інфармацыі дае нам аналіз шматгадовай перапіскі з доктарам Аніцэтам Рэніерам, з якім Тэадор Нарбут моцна сябраваў. Пераклад перапіскі надрукаваны ў часопісе «Лідскі летапісец»7.

Заснавальнік рода Рэніераў у Літве прыбыў да нас з Францыі ў 1646 г. Сябар Нарбута Аніцэт Рэніер вывучаў медыцыну ў Віленскім універсітэце. Яшчэ не закончыўшы універсітэт, як лекар прынаняў удзел у паўстанні 1831 г. Пасля паразы паўстання, разам са сваім аддзелам, быў інтэрніраваны ў Прусіі але ў 1832 г. атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1836 г. атрымаў дыплом урача і хутка стаў знаным у Вільні лекарам.

У 1842 г. становіцца членам Віленскага лекарскага таварыства і прымае на сябе кіраўніцтва яго медыцынскай бібліятэкай. Меў на ўтрыманні вялікую сям’ю і не гледзячы на добры даход, які давала лекарская практыка, жыў небагата, аб чым у 1843 г. пісаў Тэадору Нарбуту, з якім сябраваў: «… не магу ўзняцца з беднасці і ніхто мне ў гэтым не дапаможа. Трэба шмат працаваць самаму покуль магу і покуль хапае моцы». Але матэрыяльны стан не перашкаджаў яму думаць пра будучыню края, у тым жа годзе пісаў Нарбуту: «Колькі мільёнаў людзей трымаем як быдла… будзем гніць разам з імі у чужынскай няволі бо самі гэтаму дапамагаем» а ў 1845 г.: «На маіх плячах ляжыць вялікая адказнасць ад якой я, пакуль хапае сіл, не магу адрачыся»8.

Доктар Рэніер арганізаваў у Вільні тайную бібліятэку ў якой акрамя дазволеных былі і кнігі выдадзеныя за мяжой. Потым паліцыя знайшла матэрыялы, грунтуючыся на каторыя даведалася, што бібліятэка мела 71 чытача – дробная і сярэдняя шляхта, чыноўнікі, журналісты, літаратары, лекары і іншыя асобы з усёй Беларусі. Чытачом Рэніера быў і Тэадор Нарбут.

Пачатак жыцця Тэадора Нарбута, служба ў войску

Тэадор Нарбут нарадзіўся 8 лістапада 1784 г. у сядзібе Шаўры Лідскага павета, быў сынам Яўхіма і Ізабэлы з Наневічаў. Выхоўваўся ў Лідскай піярскай школе, у 1799 г. паступіў на матэматычна-інжынерны факультэт Віленскага ўніверсітэта, які скончыў у 1803 г.9

Нарбут вучыўся ў Лідзе і потым неаднаразова бываў тут. Тэадора Манчунская запісала цікавы эпізод з юнацтва яе бацькі ў Лідзе: «Ліда запомнілася яму як наша павятовае мястэчка – ён казаў, што там чытаць не ўмеюць, але гэты горад займаў сваё месца ў гісторыі нашай сям'і, бо там стаіць касцёл фундацыі Нарбутаў10, калі бацька быў малады, ён прыходзіў у госці да ксяндза-апата Нарбута11. Ксёндз любіў паразмаўляць, а людзі шмат казалі пра яго грошы […].

 

Засталіся ў маёй памяці гісторыі якія бацька апавядаў пра Ліду: «Пасля смерці ксяндза-апата, казалі, што ён недзе закапаў бочкі з золатам, і таму яго маладыя пляменнікі, між імі і я, шукалі бочкі па схованках». Тэадор спыніўся на думцы, што скарб можа быць схаваны ў склепе пад касцёлам. Таму быў парушаны апошні прытулак памерлых, і адзін з нябожчыкаў, пругкі і лёгкі, скочыў Тэадору на грудзі. «У мяне перахапіла дух», – казаў бацька, але потым, агледзеўшыся, ён зразумеў, што «высахшы як трэска нябожчык, вельмі лёгкі і цвёрды, паўстаў перад мной як струна, калі я наступіў на яго стапу». Аказалася, што тутэйшае паветра і сухая зямля ўтрымлівае ўсе целы нябожчыкаў у падобным стане. Пасля гэтага здарэння пошукі закончыліся – золата не знайшлі, … але страху нацярпеліся. Дух апата вартаваў сваё золата і не жадаў, каб нехта са сваякоў яго знайшоў. Расказы пра духаў былі яго любімай тэмай»12.

Адам Кіркор падае наступную кароткую біяграфічную даведку: «Тэадор Остык Нарбут герба Трубы, нарадзіўся 8 лістапада 1784 г. у спадчынным маёнтку Шаўры Лідскага павета. У 1799 г. паступіў у Галоўную літоўскую школу (г. з., універсітэт – Л. Л.), дзе пад кіраўніцтвам Гуцэвіча і (Міхала) Шульца вывучаў матэматычныя навукі, цывільную і вайсковую архітэктуру. У 1803 г. ён накіраваўся ў Пецярбург і там пачаў сваю вайсковую кар'еру ў якасці інжынера. Некаторы час выкладаў у 2-гім кадэцкім корпусе, у 1807 г. атрымаў багнетную рану пад Астраленкай і пад Тыльзітам рану ў левую руку з ружжа. Падчас вайны ў Фінляндыі ў 1808 г. пад г. Або (зараз, г. Турку ў Фінляндыі. – Л. Л.) Нарбут атрымаў цяжкую траўму галавы, якая прывяла да страты слыху. Потым служыў у эскадры ў бухце балтыйскага порта і, калі яна была заблакаваная, для яе абароны будаваў артылерыйскія батарэі на востраве Руген. У 1810 і 1811 гг. займаўся праектаваннем Бабруйскай фартэцы, месцазнаходжанне якой указаў першым. Гідратэхнічныя працы аслабілі яго здароўе і цалкам пазбавілі слыху, які так ніколі больш і не вярнуўся. Перад вайной з Напалеонам (1812 г.) Нарбут пакінуў вайсковую службу і вярнуўся ў родны дом»13.

Калі Нарбут працаваў выкладчыкам у 2-гім кадэцкім корпусе, ён адначасова паглыбляў сваё інжынернае майстэрства пад непасрэднай апекай ваеннага інжынера Аўрэ. Гэты знакаміты выкладчык звяртаў сваю ўвагу на асабліва адораных і накіроўваў іх на ваеннае будаўніцтва. Нарбута цікавілі фартыфікацыі, ён вывучаў іх гісторыю і практычнае праектаванне. Потым Тэадор перайшоў на працу ў інжынерны дэпартамент Вайсковага міністэрства і быў прызначаны да службы ў дырэктара генерала Сухтлена. У 1804 г. быў уключаны ў камісію, якая працавала пад кіраўніцтвам прускага гідратэхніка Я. А. Эйтэльвейна над праектам рэгуляцыі Нёмана на ўсім яго працягу, які тады быў граніцай з Прусіяй. У адным з тамоў сваёй знакамітай працы Нарбут так успамінае гэтую справу: «Я сам, выконваючы абавязкі інжынера па гідраўлічных працах на рацэ Нёман, у выніку падпісанай Найвышэйшай канвенцыі паміж Расіяй і Прусіяй у 1804 годзе на чале з Камісіяй абедзвюх дзяржаў, якую узначальваў знакаміты гідраўлік Я. А. Эйтэльвейн, меў магчымасць пазнаць мясцовасці гэтай вялікай ракі ад вытоку да вусця і маю сёння пад рукой неабходныя мне матэрыялы». Нарбут, несучы сваю службу на працягу двух гадоў, вызначыўся стараннасцю і шматлікімі тэхнічнымі прапановамі і атрымаў чын падпаручніка14.

Да важнага ў жыцці гісторыка 1812 г. вернемся пазней, а зараз я падам некалькі эпізодаў з біяграфіі нашага земляка, якія па памяці запісала яго дачка Тэадора Манчунская: «Думка пра смерць і вечнасць уласціва маладому веку <…>. Мой бацька расказваў, як пры будаўніцтве Бабруйскай фартэцы ён адчуў Божую волю. У балотах бацька прамачыў ногі і захварэў на гарачку ў бязлюднай мясцовасці, дзе не было лекара. Хвароба стала небяспечнай, яна скруціла яго так, што ён ужо не падаваў нават і прыкмет жыцця, і толькі думка яго была свабоднай і яна вяла яго да Бога – ён думаў пра вечнасць, бачыў ужо яе мяжу і з цікавасцю чакаў хвіліны, калі на тым боку магілы ён паўстане перад міласэрным – ужо чуў ваенную музыку на сваім пахаванні, і дух кружыў каля яго – падчас гэтых важных дум пра вечнасць прыехаў суседні поп15 і адпеў яго перад смерцю.

Святар не ведаў, да якой рэлігіі належыць Нарбут, бо той ужо не мог размаўляць і разважаць, а яго жаўнеры гэтага таксама не ведалі. Поп адпеў хворага і быў спакойны за яго душу, напісаў толькі вялікімі літарамі крэйдай на шыльдзе: «ПАМРЭ». Але хворы гэтага ўжо бачыць не мог.

Пасля гэтага, жаўнеры якія заставаліся ў халоднай хаце, прыкрылі яго тонкай тканінай, і Нарбут зноў пачаў адчуваць вечнасць. Рукі яму склалі крыжам, а ногі скруцілі паміж сабой. Аднак ён хутка пачуў падарожны званочак і ачнуўся – але мог толькі круціць галавой. Своечасова прыехаў палкавы доктар, выкліканы верным слугой Нарбута, каб адагрэць і адхукаць хворага, чым і ўратаваў прыгаворанага ад смерці.

Бацька любіў апавядаць пра гэтыя хвіліны, вера ў несмяротнасць душы, якую ён меў, змяніла тады яго аблічча, бо здавалася, што ў гэты момант яго душа сваімі вачамі бачыла свой шляхетны, спакойны, апошні прытулак.

Пасля гэткага дрэннага лячэння, ён цалкам страціў здароўе, да таго ж сказалася кантузія ўзімку пад Або ў 1808 г. ад гарматнай кулі (шрапнелі), калі толькі праз 24 гадзіны пасля ранення яго паклалі на воз, высланы гарохам і разам з іншымі раненымі вывезлі з поля бітвы. На возе Нарбут адчуў вялікае жаданне з'есці гарох, стручкі якога ляжалі пад ім. «Гэты павінен выжыць», – сказаў шведскі афіцэр. – «Бо есць гарох». Шведская мова падалася яму здалёк падобнай да тых моў, якія ён ведаў. Пасля лёгкай гарачкі, ён паздаравеў і вольна хадзіў па горадзе. Праз нейкі час яго памянялі на палонных, але пасля гэтай раны атрымаў цяжкі галаўны боль і амаль што страціў слых. На пачатку меў далікатнае вуха – найменшы шэлест падаваўся яму стрэлам, але такі стан, падобна, трымаўся толькі два гады, ажно да вышэй апісанага здарэння на Бабруйскіх балотах. Планы Бабруйскай фартэцы ён потым перадаў французскаму маршалу Басано, герою, пра якога бацька не мог забыць да канца свайго жыцця. Напалеон меў такую харызму, што ўсе, хто яму служыў, заставаліся вернымі яму да смерці16.

Любіў Бабруйск [фартэцу] як сваё тварэнне, і адзін са знаёмых нам афіцэраў, доктар Сабаткоўскі, у 1862 г. пісаў да сястры: «Раскажу шаноўнаму дзеду, пану Тэадору Н., што ў Бабруйску мы пілі за яго здароўе»»17.

Падчас даследавання мясцовасці, якая магла быць прыдатная для размяшчэння Бабруйскіх умацаванняў, Тэадор Нарбут, займаючыся інжынернай працай, заўважыў у раскапанай зямлі невядомыя прадметы і зразумеў, што яны паходзяць з даўніх часоў. Адначасова звярнуў увагу на курганы і занатаваў у адным са сваіх першых артыкулаў: «…паміж рэкамі Друць і Беразіна, на левым беразе Дняпра ад Магілёва да ракі Сож і да Рагачова звярнуў увагу на курганы».

Трэба сказаць, што за сваю вайсковую службу Тэадор Нарбут меў шэраг узнагарод, стаў кавалерам ордэна св. Уладзіміра 4 ступені, кавалерам ордэна св. Ганны 4 ступені і за будаўніцтва цвердзі ў Бабруйску ў 1809 г. кавалерам ордэна св. Ганны 2-й ступені.

Пасля выхаду ў адстаўку Нарбут вярнуўся ў свае ўладанні ў Шаўрах і прысвяціў сябе даследаванням мінуўшчыны роднага краю, хаваючыся ад французаў. Па іншай версіі, ён дачакаўся адступлення царскіх войскаў і далучыўся да Напалеона. Згадванне яго дачкой французскага маршала Басано, пацвярджае гэтую версію біяграфіі, згодна з ёй Нарбут не хаваўся ў адстаўцы ад французаў, а ў 1812 г. выступіў за аднаўленне ВКЛ на баку Напалеона, пра што пісала і яго дачка: «Пра сваё жыццё ў 1812 г. ён расказваў мне з запалам. Праз шмат гадоў ён з дрыжачымі вуснамі апавядаў, што заўсёды тады меў надзею на лепшую будучыню»18.

Усе біёграфы Тэадора Нарбута паведамляюць дзве версіі абставін жыцця гісторыка ў 1812 г. Па адной з іх, ён ціхамірна жыў у сваіх родных Шаўрах і займаўся гісторыяй нашага краю. Па другой версіі, 1812 г. для Нарбута быў напоўнены падзеямі і неверагоднымі ваеннымі прыгодамі19.

Польскі біяграфічны слоўнік20 коратка піша пра другую версію падзей 1812 г., як пра магчымую і грунтуе яе толькі на кнізе Зоф'і Кавалеўскай «Дзеі паўстання Лідскага…»21. Зоф'я Кавалеўская з Лянтоўскіх (1853—1918) нарадзілася ў в. Малыя Бакшты сучаснага Маладзечанскага раёна і ўсё жыццё займалася фалькларыстыкай і этнаграфіяй, даследавала паўстанне 1863 г., з'яўлялася аўтаркай шэрагу кніг і артыкулаў. Тэксты Кавалеўскай грунтаваліся на яшчэ жывой памяці жыхароў Лідчыны пра падзеі 1863 г., на асабістых кантактах і размовах з дачкой гісторыка Тэадорай Манчунскай і яго сынам Баляславам Нарбутам. Яе кніга друкавалася як серыя артыкулаў пра паўстанне на Лідчыне ў газеце «Дзённік Віленскі»22 і потым была выдадзена асобнай кнігай.

 

Кніга Кавалеўскай мае шэраг дробных недакладнасцяў і мастацкіх перабольшванняў, якія ў цэлым не псуюць яе вялікую каштоўнасць, бо сур'ёзных, сутнасных памылак праца не мае, і я схільны лічыць ніжэй прыведзеныя факты біяграфіі Нарбута дастаткова верагоднымі.

Зоф'я Кавалеўская піша, што Тэадор Нарбут, як і ўся наша шляхта чакаў прыходу французаў як збаўлення. Свае надзеі і пачуцці ён выказваў ва ўзнёслых вершах. У адным з тагачасных твораў Нарбут апавядае пра сустрэчу на Замкавай гары ў Вільні з духам Ліздзейкі. Першае, што робіць дух, прыняўшы вобраз арцыкаплана ў такі важны для Літвы момант, – знімае з галавы Тэадора ненавісны трохкутны вайсковы капялюш. Гэты паэтычны твор доўгі час захоўваўся ў сям'і і загінуў падчас падзей 1863 г.

У 1812 г. Тэадор Нарбут знаходзіцца ў складзе рускага штаба ў Вільні, куды перад самым пачаткам вайны прыехаў цар Аляксандр I. Калі Напалеон перайшоў Нёман, рускі штабны афіцэр аўстрыйскага паходжання Морыц Кацэбу (потым стане генерал-лейтэнантам) паведаміў ваеннаму інжынеру Нарбуту пра тое, што маецца загад заўтра, на раніцы, пакінуць старажытную сталіцу Літвы.

– Што думаеш рабіць? – запытаў Кацэбу.

– Схавацца і застацца тут, – шчыра адказаў Нарбут. – Можа сваім на што-небудзь прыдамся.

Калі рускія войскі пакідалі горад, усе дзверы дамоў былі зачынены, а вокны завешаны – горад як быццам вымер. Нарбут схаваўся ў знаёмага купца, і падчас хаосу адступлення яго адсутнасць пры штабе не была заўважана. З першым промнем узыходзячага сонца ў Вільню ўвайшоў французскі авангард на чале з аддзелам уланаў князя Радзівіла. Горад умомант абудзіўся ад сну, адчыняліся дзверы, вокны і людскія сэрцы. Месцічаў ахапіў шалёны энтузіязм. Жанчыны кідаліся да коней, гладзілі і нават цалавалі іх.

Падхоплены на вуліцах людскімі натоўпамі, Нарбут выпадкова патрапіў у нейкую невялічкую крамку, дзе зусім змучаны затрымаўся на хвілінку. На стале ў краме ляжалі пашарпаныя старыя лісткі, і аматар гісторыі, як быццам, пазнаў рэшткі «Дыярыуша крыжацкіх дарог на Літве»23. Думаю, што менавіта ў гэтым месцы Кавалеўская фантазіравала, ці памыляліся дзеці Тэадора Нарбута, пераказваючы ёй гэтую гісторыю з «Дыярыушам…». Тым не менш, даследчыца паведамляе, што Нарбут паспеў нават нешта занатаваць са старога дакумента.

Выйшаўшы з крамкі, гісторык пабег да Зялёнага моста – менавіта там усе чакалі Напалеона. Імператар сядзеў на вялікіх бэльках і наглядаў за работай сапёраў якія будавалі мост цераз Вілію – стары мост, пакідаючы горад, спалілі расейцы. За ракой, падпаленае казакамі, гарэла прадмесце разам са складамі збожжа. Каля Напалеона, аточанага цесным колам маршалаў і ад'ютантаў, стаяў тутэйшы настаяцель айцоў-піяраў ксёндз Глагоўскі24. Нарбут звярнуўся да ксяндза па дапамогу і расказаў яму, што хоча працаваць перакладчыкам, бо ведае дзевяць еўрапейскіх моў. Напалеон на хвіліну павярнуў галаву… Сталёвыя вочы ўважліва агледзелі постаць Нарбута, імператар загадаў прыняць яго ў канцылярыю міністра Басано25 і болей не звяртаў увагі на просьбіта. Нарбут атрымаў абмундзіраванне і грашовае забеспячэнне – дзесяць франкаў у дзень, сівую кабылу для раз'ездаў і грошы на яе ўтрыманне. А большага ён і не жадаў.

Ганна Патоцкая (з Тышкевічаў) пісала пра герцага Басано: «Дасягнуўшы высокага становішча ў той час, калі кар'еры наогул рабіліся з надзвычайнай хуткасцю, герцаг Басано быў, верагодна, адзіны, у кім не засталося нічога, што нагадвала б пра яго сціплае паходжанне, але з іншага боку, ён не злоўжываў дасягнутым ім высокім становішчам. Яго манеры, касцюм, размова, наогул усё, за выключэннем яго неймаверна тоўстых лытак, насіла адбітак радавітасці. Праўда, ён не адрозніваўся шыратой і тонкасцю розуму, як Талейран, але затое, валодаючы дзіўным тактам і рэдкай праніклівасцю, меў права трымаць галаву высока сярод выдатных людзей, якія атачалі Напалеона. Акрамя таго, ён быў незвычайна сумленны і бездакорны чалавек»26.

Было многа работы. Герцаг Басано ажыццяўляў знешні нагляд за дзейнасцю новага ўрада адноўленага ВКЛ і адначасова кіраваў замежнымі справамі Францыі. Як намеснік імператара, ён змагаўся з непаваротлівасцю і спрэчкамі паміж французскім камандаваннем і літоўскім урадам. Канцылярыя Басано атрымоўвала палітычная і дыпламатычныя паперы рознай важнасці, сюды прыходзілі прыватныя петыцыі, ішла прыватная карэспандэнцыя. Усё гэта патрэбна было прачытаць, зарэгістраваць у кнізе і перакласці. Герцаг Басано ўвесь час, часта нават уначы, меў пытанні і даручэнні, і паколькі Нарбут быў глухі, дык даваў яму пісьмовыя загады. Часта Нарбута пасылалі з важнымі заданнямі, якія ён сумленна выконваў і таму здабыў давер князя і павагу калег.

Але хутка французскія войскі пачалі адступаць. Нарбут не пакідаў Вільні і з вялікім неспакоем назіраў за тым, як з галоўнага імператарскага штаба наплываюць туманныя загады і няясныя рапарты. Злавесныя весткі прыходзілі ў Вільню з хуткасцю тэлеграфа, якога ў той час яшчэ не было. У канцылярыі герцага Басано нарастаў хаос. Напалеон таемна прамчаўся праз Вільню і накіраваўся ў Парыж. За Напалеонам спешна рушыў увесь штаб. Ваенная эпапея заканчвалася.

Разам з канцылярыяй Басано, пацягнуўся за Нёман на сваёй Сіўцы і Нарбут. Але ўжо каля Аўгустова ён зразумеў, што не можа бадзяцца недзе на чужыне, і вырашыў застацца на Радзіме. Павярнуў Сіўку і паехаў да свайго сваяка Прота Нарбута, які жыў тут недалёка. Прот – сын вядомага прыгажуна Нарбута, які быў аздобай салона на «чацвярговых абедах»27 караля Станіслава Панятоўскага.

Юзаф Азямблоўскі. Партрэт Тэадора Нарбута


Спадар Прот і яго дачка Клемянціна прынялі Тэадора са стараліцвінскай гасціннасцю, і гісторык змог адпачыць тут ад перажытага. Час бавілі гутаркамі пры каміне. Клямуся, займаючыся вышыўкай, уважліва слухала сваяка і выходзіла толькі, каб у стайні папесціць нарбутаву Сіўку.

Тым часам рускія войскі шукалі дэзерціраў. Чуйнае вушка Клямусі з непакоем прыслухоўвалася да ўсіх чутак. І аднойчы яна прыбегла з весткай пра набліжэнне казакаў. Сіўка стаяла каля ганка пад сядлом, але казакі ўжо ўязджалі праз браму. Вершнік адным скокам пераадолеў плот і паскакаў да лесу. За ім пагналіся казакі – яны сыпанулі ўздагон градам куль. Некалькі куль патрапіла ў Сіўку, і яна звалілася каля зарослага густым чаротам возера. Тэадор схаваўся і перасядзеў тут да ночы, але кулі яшчэ доўга свісталі над чаротам.

Калі ўсё сціхла і начны змрок ахінуў зямлю, Нарбут выйшаў са схованкі і асцярожна скіраваўся да бліжэйшай плябаніі. Ксёндз-пробашч сам адчыніў яму дзверы і правёў унутр. Потым пераапрануў Тэадора парабкам і, пасадзіўшы як вазніцу на вазок, загадаў, як быццам везці ксяндза да хворага. Праз некаторы час яны стаялі перад леснічоўкай. Ксёндз паставіў Святы Сакрамант на стол, паклікаў усю сям'ю лесніка і загадаў ім прысягнуць, што яны не здрадзяць таму, каго ён прывёз, схаваюць і зберагуць яго ў сябе. Прысягнулі ўсе.

У лясной глушы сярод сумленных людзей Нарбут адчуваў сябе ў бяспецы. Было дамоўлена, што калі Тэадор пойдзе кудысьці з хаты, а ў яе прыйдзе нехта чужы, дык на знак небяспекі будуць вывешаны белыя хусткі. Кавалеўская піша, што менавіта тут, у лясной цішы, Тэадор Нарбут і задумаў напісаць свае будучыя тэксты і пачаў збіраць стараліцвінскія легенды і паданні.

Час ад часу леснічоўку наведваў спадар Прот Нарбут, а яго дачка выкупіла ў казакаў шкуру Сіўкі і загадала пашыць з яе доўгі дарожны куфэрак, у якім гістарыёграф Літвы потым усё жыццё захоўваў свой французскі мундзір, лісты герцага Басано, загады Напалеона і іншыя сувеніры тых часоў.

У наступным годзе цар Аляксандр І абвясціў амністыю для ўсіх удзельнікаў ваеннай драмы. Нарбут звярнуўся па ласку манарха і атрымаў звальненне са службы і пагашаную за ўвесь час адсутнасці на службе грашовую запазычанасць.

Менавіта згадка пра гэтыя грошы, атрыманыя за той час, калі Нарбут служыў Напалеону а потым хаваўся, дадае веры ва ўсю гэтую гісторыю, робіць больш яе сапраўднай і жыццёвай. Гэтага не прыдумаеш, а калі захочаш напісаць гісторыю пра «сапраўднага героя», дык не будзеш узгадваць, што ён узяў грошы за той час, калі служыў супраць таго, хто іх выплаціў. Тут усё па-нашаму – «б'юць – бяжы, даюць – бяры».


Пасля амністыі Нарбут вярнуўся ў Шаўры.

А калі падраслі дзеці, гісторык з-пад страхі часам выцягваў куфар са шкуры сваёй Сіўкі, у якім стары прыхільнік Напалеона хаваў памятныя рэчы тых часоў, паважна вымаў іх і ўзрушана раскладваў вакол сябе. Дзеці з вялікім хваляваннем пачціва маўчалі і слухалі бацьку, а потым нават падносілі да вуснаў яго скарбы. Найбольш хваляваў Тэадора стары мундзір, сукно на ім паблякла, але ўсё яшчэ бліскучыя эпалеты будзілі прывіды 1812 г. – часоў яго маладосці і надзеі. «Старога прыяцеля», як называў ён свой мундзір, гісторык нават ушанаваў вершам, які пачынаўся гэтак:

 
Калі я ўсё страціў падчас краёвых бур,
Ты адзін са мной застаўся, мой стары мундур!
Ты блішчаў на мне ў часы,
калі Край быў у патрэбе,
Я ж рызыкоўна падстаўляў пад кулі сябе і цебе.
Зніклі мае прыгожыя дні,
як дым у начных ценях знікае,
Але той усё ж шчаслівы, хто ўспаміны мае.
 

Тэадор Нарбут жыў гэтымі ўспамінамі і мацаваўся імі да позняй старасці, пры гэтым часта паўтараў: «О, лёс! Хто меў цябе ў нашым краі…»28.

Такога кшталту расказы Зоф'я Кавалеўская магла пачуць ад дзяцей Тэадора Нарбута, і дадатковую веру ў верагоднасць усіх гэтых прыгод у 1812 г. дадае аўтэнтычны верш Тэадора пра мундзір.


Пікантнамі рысамі жыцця маладога Нарбута ёсць яго ўдзел у дзейнасці таварыстваў шубраўцаў29 і масонаў – у Літоўскім нацыянальным музеі захоўваецца аздобленая масонскай сімволікай шклянка з выгравіраваным надпісам «Тэадор Нарбут» і годам – 1817.

1Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч (1733, Лагішын, Пінскі павет – 1796, Янаў-Падляшскі) – філолаг, гісторык, перакладчык, паэт і празаік.
2Ян Альбертрандзі (1731—1808) – гісторык, публіцыст. Нарадзіўся ў Варшаве. Працаваў у езуіцкіх калегіумах у Пултуску, Плоцку, Нясвіжы, Вільні. Меў шэраг царкоўных пасад, з 1796 г. – біскуп зенапалітанскі. Збіраў крыніцы па гісторыі Рэчы Паспалітай у архівах і бібліятэках Рыма, а таксама Швецыі, куды яны былі вывезены, галоўным чынам, пад час шведскіх войнаў. Пакінуў вялікую навуковую спадчыну ў сферы гісторыі і нумізматыкі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Таварыства аматараў навук.
3Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…] // Gazeta Warszawska. 1854. №. 42. S. 4.
4Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут – папулярызатар найноўшых дасягненняў прыродазнаўства // Лідскі Летапісец. 2014. №4 (68). C. 12—13; Лаўрэш Леанiд. Людвiк Нарбут // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Мінск, 2015. С. 74—105; Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут у падзеях 1812 года // Наша Слова. №14 (1425), 3 красавіка 2019; Лаўрэш Леанід. Новае пра Тэадора Нарбута і яго сям’ю // Лідскі Летапісец. 2021. №3—4 (95—96). С. 52—59; Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: жыццяпіс без прэтэнзіі на паўнату. Да 240-годдзя з дня смерці гісторыка // Лідскі Летапісец. 2024. №1—2 (105—16). С. 31—74.
5[MONCZUŃSKA Z NARBUTTÓW, Teodora]. Zapiski córki ś. p. Teodora Narbutta z papierów, [apie 1880 m.] Lietuvos valstybės istorijos archyvas (LVIA), f. 1135, ap. 11, b. 19, lap. 1r—137v. Далей – ДГАЛ (Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы). Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19.
6[JUREWICZOWA Z NARBUTTÓW, Kamilla]. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875 m. ap. 11, b. 4, lap. 103r—105v. Далей – ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4.
7Гл: Лідскі летапісец. 2024. №3 (107); Лідскі летапісец. 2024. №4 (108).
8Fajnhauz Dawid. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. Warszwa, 1965. S. 99—100, 129.
9Polski Słownik Biograficzny. Wrocław—Warszawa—Kraków—Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 537.; Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. Варшава – Ліда, 2011. C. 46.
10Маецца на ўвазе касцёл кармелітаў.
11Даніэль Казімір Нарбут (?1738—1807) з 1783 па 1801 г. быў лідскім дэканам і пробашчам, у 1801 г. гэтую пасаду заняў кс. Вінцэнты Нарбут. Бацька Даніэля Казіміра Нарбута – Казімір Нарбут быў прадзедам Тэдора Нарбута, а дзед Ігнацый – родным братам Даніэля Казіміра Нарбута, такім чынам Тэадор – яго ўнучаты пляменнік.
12ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 22 – 23.
13Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…].
14Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. C. 46—47.
15Верагодна, гэта быў грэка-каталіцкі святар.
16У цяжкія моманты 1814 г. Напалеона здрадзілі нават самыя блізкія да яго маршалы.
17ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 17 адв. – 19 адв.
18ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 113.
19Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. С. 48.
20Polski Słownik Biograficzny. Т. XXII. S. 537.
21Гл: Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Пераклад кнігі ў свой час быў надрукаваны ў газеце «Наша Слова» №18 (1533), 5 траўня 2021; №19 (1534), 12 траўня 2021; №20 (1535), 19 траўня 2021; №21 (1536), 26 траўня 2021; №22 (1537), 2 чэрвеня 2021; №23 (1538), 9 чэрвеня 2021; №24 (1539), 16 чэрвеня 2021; №25 (1540), 23 чэрвеня 2021; №26 (1541), 30 чэрвеня 2021; №27 (1542), 8 ліпеня 2021; №28 (1543), 15 ліпеня 2021; №29 (1544), 22 ліпеня 2021; №30 (1545), 29 ліпеня 2021; №31 (1546), 5 жніўня 2021; №32 (1547), 12 жніўня 2021; №33 (1548), 19 жніўня 2021; №34 (1549), 26 жніўня 2021; №35 (1550), 2 верасня 2021.).
22Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego.Wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Dziennik Wileński. 1934. №2, 4, 5, 7—11, 13—15, 17, 18, 21—25, 28, 29, 31, 32, 35—39, 41—43, 45, 46, 49—53, 56, 57, 56, 57.
23Верагодна, размова ішла пра тое, што было выдадзена ў 6-ці тамах у Германіі, з 1861 па 1874 гг. пад назвай «Scriptores rerum Prussicarum. Die Geschichtsquellen der preußischen Vorzeit bis zum Untergange der Ordensherrschaft».
24Станіслаў Мараўскі пісаў: «Правінцыял піяраў кс. Глагоўскі, паважаны, выхаваны ў Рыме вучоны, той самы, які так доўга размаўляў з Напалеонам на Зялёным мосце ў 1812 г.…» – гл: Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818—1825). Warszawa, 1924. S. 361—362.
25Юг-Бернар Марэ (1763—1839) – французскі дыпламат, журналіст, адвакат, палітык і дзяржаўны дзеяч, у 1811—1813 гг. міністр замежных спраў, у 1834 г.. прэм'ер-міністр. З 1809 г. насіў ганаровы (беззямельны) тытул герцага Басано.
26Графиня Потоцкая. Мемуары. Москва, 2005. С. 97.
27На «чацвярговых абедах» караля з найбліжэйшымі паплечнікамі, падданым падаваўся прыклад ашчаднасці і цвярозасці. Нейкага «прыгожага Нарбута» на чацвярговым абедзе згадвае Клемянціна Хофман у апавяданні «Obiad Czwartkowy». – гл: Wybór dzieł Klementyny z Tańskich Hofmanowej. Wydanie jubileuszowe. T. VI. Kraków, 1898. S. 153.
28Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego. S. 4—7, 10.
29Шубраўцы (Szubrawcow towarzystwo – «Таварыства прахвастоў» ад. пол. szubrawiec – шэльма, лайдак) – саманазва членаў літаратурнага ліберальнага асветніцкага грамадства, якое існавала 1817—1822 і 1899—1914 гг. Шубраўцы выдавалі сатырычную газету «Wiadomosci Brukowe» («Бруковыя ведамасці»), дзе высмейвалі тагачасны лад, патрабавалі прававой роўнасці людзей перад законам і г. д. Стыль публікацыя насіў вясёлы і задзірлівы характар. Рэдактарамі газеты былі І. Ляхніцкі і К. Контрым. У гэтай газеце у 1816 г. свае першыя гумарыстычныя нарысы публікаваў малады В. Сянкоўскі, гістарычныя апавяданні пра мінулае І. Ходзька, вершы А. Гарэцкі і Томаш Зан.
1  2  3  4  5  6  7  8  9 
Рейтинг@Mail.ru