bannerbannerbanner
Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час

Леанід Лаўрэш
Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час

Полная версия

Жыццё ў маёнтку Шаўры

Маёнтак Шаўры ў 1844 г. меў 77 прыгонных сялян, браты Нарбуты (Тэадор, Адольф і Ксаверый – сыны Яўхіма) валодалі ім разам30. Маёнтку належалі 860 дзесяцін зямлі з трыма сялянскімі вёскамі.

Усе мастацкія і навуковыя творы Тэадора Нарбута былі напісаны ў Шаўрах – у тым ліку і яго знакамітая праца «Dzieje starożytne narodu litewskiego» («Гісторыя літоўскага народа», т. 1—9, Вільня, 1835—1841). Сядзіба стала творчай лабараторыяй і месцам працы гісторыка, у ёй месцілася бібліятэка, калекцыі і збор старажытных рукапісаў. З акна свайго кабінета Тэадор бачыў Радуньскі замак, які штодзень натхняў яго на творчую працу31.

З Шаўроў Нарбут праз ліставанне абмяркоўваў самыя розныя пытанні – ад эканамічных да пытанняў вырошчвання льну і канопляў, тут ён перакладаў Гарацыя, Мігеля дэ Сервантэса і Жан-Жака Русо. Тут пісалася самабытная паэзія гаспадара сядзібы. Тут вялася вялікая навуковая праца.

Шаўры Тэадора Нарбута, як і Юршышкі Юстына Нарбута і Яшуны Міхала Балінскага – у той час былі асаблівымі, знакавымі месцамі для інтэлектуальнай часткі нашага грамадства. Гэтыя вельмі спецыфічныя маёнткі каля Ліды з'яўляліся эксклюзіўнымі інтэлектуальнымі астраўкамі, дзе жылі «абшарнікі-творцы».

Для абшарнікаў-творцаў значным быў факт валодання сядзібай, зямлёй, клопат пра ўраджай і сялян – усё гэта, разам з навуковымі заняткамі, стварала іх непаўторны быт. Бо беззямельныя частка шляхты, якая асела ў гарадах і з часам стала прафесійнай інтэлігенцыяй, была зусім іншай сацыяльнай групай. Вядома, што гісторыю пісалі таксама і сапраўдныя прафесіяналы – прафесары Віленскага ўніверсітэта. Але ў нашым выпадку Тэадор Нарбут як і яго сваяк Юстын і больш далёкі сусед Міхал Балінскі, з'яўляліся адначасова творцамі і высакароднымі абшарнікамі, яны сумяшчалі першае і другое – такіх асоб было не шмат.

Максіміліян Фаянс. Тэадор Нарбут


Уладары «творчых» маёнткаў жылі па пэўнай схеме, якую можна ахарактарызаваць як «жыццё па Гарацыю». У той час паўсюдна ідэалізавалі гэтага рымскага паэта і кіраваліся яго думкамі – не толькі чыталі і перакладалі яго творы, але і пераймалі жыццёвы шлях Гарацыя, бо абшарнікі-творцы, як калісьці і сам Гарацый у сваім знакамітым маёнтку на рацэ Тыбур (што каля цяперашняга Цівалі), таксама жылі і тварылі ў сваіх маёнтках. У сваёй сядзібе рымскі паэт атрымліваў асалоду ад адасобленага жыцця і адчуваў сапраўднае чалавечае шчасце. Творчасць заўсёды займала важнае месца ў жыцці вышэйзгаданых абшарнікаў, але іх ніколі не адпускалі і гаспадарчыя праблемы. Часам, як і Гарацый, гаспадары маёнткаў скардзіліся на адзіноту і нуду, але калі ім даводзілася пакідаць свой дом, яны вельмі хутка сумавалі па ім. Бо толькі ўласная сядзіба была тым месцам, куды творца заўсёды хацеў вярнуцца, толькі свая сядзіба заўсёды была сапраўдным прытулкам шляхціца. Як і Гарацый у маёнтку на Тыбуры, уладальнікі гэтых сядзібаў пастаянна сачылі за тым, што адбываецца па-за межамі іх асабістай прасторы. Іх сядзібы былі месцам, дзе фізічнае жыццё спалучалася з творчасцю, месцам, дзе творца ствараў для сябе аазіс духоўнага супакою і мог жыць па дэвізе Гарацыя — «Carpe diem…» («Карыстайся (кожным) днём», ці цалкам: «Сarpe diem quam minimum credula postero» – «Карыстайся (кожным) днём і як мага менш спадзявайся на наступны», лац.).

Для абшарнікаў-творцаў важным было вучэнне Гарацыя аб «разумнай любові» да радзімы. Бо рымскі паэт вучыў творцаў, як жыць у складанай палітычнай сітуацыі. Гэтым можна патлумачыць «сіндром Гарацыя» – г. зн. проста ашаламляльную колькасць перакладаў твораў рымскага паэта менавіта пасля паўстання 1830—1831 гг., калі папулярнасць Гарацыя дасягнула свайго апагею32. У крытычныя моманты жыцця краіны рымскі паэт заўсёды станавіўся самым чытаным і трактаваным аўтарам. Пераклаў і выдаў кнігу Гарацыя і наш Тэадор Нарбут33.


Трэба сказаць некалькі слоў пра партрэты Тэадора Нарбута, якія адлюстроўваюць асобу гісторыка падчас жыцця ў Шаўрах.

Адам Кіркор у 1854 г. пісаў: «З радасцю паведамляю, што партрэт гэтага заслужанага ветэрана нашай гісторыі неўзабаве будзе выдадзены ў Варшаве, у вялікім зборніку сп. Фаянса. Вялікія заслугі Нарбута, яго вялікая праца і адданасць навуцы яшчэ больш прывабліваюць нас да яго незвычайнай сціпласці, адсутнасці фанабэрыі і чароўнай прастаты»34. Класічным партрэт Тэадора Нарбута, пра які паведамляў Кіркор, выканаў вядомы мастак Максіміліян Фаянс (1827—1890). Першы раз яго надрукавалі ў 1857 г. у альбоме «Вобразы Польшчы» («Wizerunki polskie»)35. Літаграфія зроблена паводле фотаздымка, дзеля якога гісторык двойчы спецыяльна ездзіў у Вільню да мастака-дагератыпіста. Двойчы таму, што першая фатаграфія здалася варшаўскаму выдаўцу «недакладнай». Але ў выніку атрымаўся хрэстаматыйны і самы вядомы партрэт Тэадора Нарбута.

Таксама добра вядомы партрэт-літаграфія нашага гісторыка зроблены Юзафам Азямблоўскім (1805—1878) паводле малюнка Адольфа Піварскага (1817—1870). Азямблоўскі быў сталым ілюстратарам твораў Нарбута. Гэтая літаграфія з'явілася каля 1840—1841 г. па ініцыятыве Антонія Марціноўскага, выдаўца шматтомніка Нарбута «Гісторыя літоўскага народа», калі ішла падрыхтоўка да друку дзясятага, апошняга, тома твора, які так і не выйшаў. Партрэт павінен быў быць размешчаны ў кнізе побач з біяграфіяй аўтара.

Абодва партрэты пацвярджаюць апісанне гісторыка зробленае сваячкай і суседкай Камілай Юрэвіч з Нарбутаў: «Меў і знешнасць ліцвіна: светлы бландзін з вялікімі блакітнымі вачыма і лагодным выразам твару. Ад прыроды меў моцнае цела і спадзяваўся дажыць да 100 гадоў»36.

Партрэт Нарбута, зроблены незадоўга да яго смерці, здаецца, добра адлюстроўвае ўнутраны сусвет старога і мудрага чалавека.

Вільня і дарога ў Вільню, Нарбут у вёсцы

Запрашаючы да сябе свайго сябра Аніцэта Рэніера, гісторык пісаў: «Прыязджай, шаноўны пан Аніцэці, прыязджай да мяне. Даехаць зручна, па добрай дарозе, па якой мае фурманкі возяць прадукты, таму – сам у адной, рэчы ў другой і трэцяй – у яе можна паставіць куфар з усім неабходным. Пісар, які будзе з фурманкамі, атрымае ад мяне неабходны загад. Калі зараз не можаш, дык праз некалькі тыдняў мае фурманкі зноў павязуць прадукты [у Вільню]»37.

Тэадор стала дасылаў фурманкі з прадуктамі сваёй гаспадаркі на продаж у Вільню. Канешне ж, для яго гэта было больш выгадна, чым прадаваць іх цераз перакупшчыка, у гэтым сэнсе маёнтак Шаўры меў добрае становішча. Пра продаж тавараў у Лідзе Тэадор нават і не згадваў, што цалкам зразумела – Ліда была далей, чым Вільня і мела больш слабы рынак. Але нашы дарогі з-за сваёй якасці часта не злучалі людзей, а наадварот, разлучалі іх. «Пасля доўгага бездарожжа, прыйшоў час, калі можна выслаць некалькі фурманак ў Вільню, каб купіць неабходнае»38, – пісаў гісторык 21 студзеня 1843 г., калі дарогі ўжо скаваў мароз. І праз 10 месяцаў таго ж года: «Высылаю па ўжо трошкі замерзлай зямлі фурманку з жытам у Вільню і, каб не страціць аказіі, пішу гэты ліст»39.

 

Позні партрэт Тэадора Нарбута


Калі я наведаў Шаўры, падумалася – якое ж гэта добрае месца, як блізка да Вільні, дзе жылі яго сябры і аднадумцы – пэўна Нарбут вельмі часта наведваў гэты горад. Аднак, у рэальнасці ўсё было не зусім так. «Не магу выбрацца ў Вільню, заўсёды нешта перашкаджае. Але калі я ў Вільні, дык цяжка вярнуцца дахаты, бо мяне дома немагчыма без гаспадара»40, – пісаў гісторык 19 студзеня 1842 г.

У жніўні 1844 г. Нарбут паведамляў Аніцэту Рэніеру: «Пра варшаўскі павадак знойдзеш у газеце. У нас на працягу 5 дзён перад нядзеляй быў страшны лівень, якога раней не бачылі, ён таксама і ў нас выклікаў патоп. Дарога на Вільню была затоплена, паштовым трактам мог праехаць толькі вершнік. У Віленскім Зарэччы здарылася жудаснае: млыны, дамы з дзецьмі пайшлі з вадой у Вілію. У Паўлава Кабылінскага41 рэчка Мерачанка знесла мураваны бровар, пры гэтым быў страчаны і медны кацёл, які важыў 700 фунтаў. Ніхто ў нас не памятае такога павадка»42, – паведамляе Тэадор сябру чуткі з усяго краю.

Гісторык звяртаўся да свайго сябра-доктара Рэніера таксама і з гаспадарчымі праблемамі: «Ці знойдзецца для мяне садоўнік? Папярэдняму плаціў 20 рублёў срэбрам і жытло, нежанатаму даў бы 25 рублёў срэбрам у год. Зрабі такі запыт, каб праз некалькі тыдняў я мог ведаць, ці знойдзецца садоўнік. Парнік яшчэ не заклаў. Меў садоўніка з Гародні, але яго збаламуцілі»43.

10 мая 1840 г. Нарбут паведамляе сябру-доктару Рэніеру, што ў яго вёсцы шмат хворых, ён чакае сябра ў госці і просіць прывезці лекі, асабліва ад ліхаманкі і гарачкі. Пра сябе паведамляе, што «цалкам здаровы, жаўтуха пасля тваіх рэцэптаў прайшла. Калі ласка, купі тэрмометр, бо мой разбіўся. Трэба купіць звычайны, пасаджаны на простую бляху, галоўнае каб ён быў дакладны і меў надзейную шкалу. Мой чалавек возьме грошы ад Марціноўскага, каб выканаць некаторыя даручэнні»44. Згаданы Марціноўскі – Антоні Марціноўскі, у свой час рэдактар «Дзённіка Віленскага» і «Кур'ера Літоўскага», уладальнік друкарні, выдавец шматтомніка Нарбута «Гісторыя літоўскага народа».

У першай палове XIX ст. калі ўсё насельніцтва нашага краю пакутавала ад смяротных эпідэмій, Тэадор Нарбут, зрабіў наступную занатоўку: «У часы максімуму эпідэміі халеры, над левым берагам Дзітвы, у вёсцы Моўчадзь, жыў чалавек, які хаваў усіх памёршых, даглядаў хворых, але сам не заразіўся. Адвечны піяк, ён пры тым меў надзвычай здаровы страўнік. Мой падданы Ян Шымкевіч, ва ўзросце 40 гадоў, з'ядаў дзве лоевыя свечкі з хлебам як хлеб з маслам, фунт вэнджанай кілбасы і ўсё гэта яго страўнік пераварваў. Мяне нават могуць абвінаваціць у цвярджэнні, што страўнік чалавека можа працаваць, як страўнік звера. У адным лазарэце для хворых, медычны вучань Ленартовіч, расказаў мне, што ў 1831 г. у Вільні, калі захворвалі на халеру нават вартаўнікі і жаўнеры, якія тут прыслужвалі, ён у сваім аддзеле даваў сваім людзям па некалькі грам хініну, і ніхто з іх не захварэў, хоць іх было ў гэтым лазарэце да 20 чалавек»45.

2 кастрычніка 1840 г. Тэадор перадае падзяку доктару за адрамантаваны гадзіннік, «чалавек які перадасць табе гэты ліст, Іцак Карантовер, верне табе 3 рублі за рамонт»46. Падумалася, што ў той час вызначыць дакладны час, каб наставіць гадзіннік можна было толькі астранамічнымі сродкамі. Падчас побыту ў Вільні, кішэнны гадзіннік можна было выставіць па вежавым гадзінніку, які ў свой чарод карэктаваўся віленскай абсерваторыяй. Але кішэнны гадзіннік – не хранометр, ён хутка назапашвае памылку. Цікава будзе адзначыць, што ўжо пасля смерці Тэадора Нарбута, калі дырэктарам віленскай абсерваторыі стаў Пётр Смыслоў, ён распачаў рэстаўрацыю адной з веж абсерваторыі і прадугледзеў на ёй месца для вежавага гадзінніка. Стары механічны гадзіннік дэмантавалі і перадалі ў падарунак віленскаму Свята-Духаваму брацтву. Паводле задумы Смыслова на вежы абсерваторыі ўсталявалі электрычны гадзіннікавы механізм фірмы «Рычы» з шатландскага Эдынбурга, які злучылі з астранамічным гадзіннікам абсерваторыі сістэмы Шэлтана, i такім чынам была гарантавана абсалютная дакладнасць адліку часу. Вялікі цыферблат вежавага гадзінніка асвятляўся 12 газавымі ражкамі, па гэтым гадзінніку можна было спраўджваць час удзень і ўночы, што гараджане і госці горада рабілі з відавочным задавальненнем. У той жа час у Вільні прыжылася традыцыя – адзначаць поўдзень па мясцовым часе стрэламі з гарматы. Батарэю абсталявалі на Замкавай гары на пляцоўцы перад замкам Гедыміна. Каб з Замкавай гары разгледзець стрэлкі на вежавым гадзінніку абсерваторыі, астраномы выдалі ў карыстанне артылерыстам стары тэлескоп. Сігнальшчык з Замкавай гары назіраў у тэлескоп за цыферблатам і ў момант, калі стрэлкі гадзінніка паказвалі 12, даваў адмашку артылерыстам, і гук халастога стрэлу разносіўся па ўсім горадзе47.

Думаю, што інжынер Нарбут, чалавек з добрай матэматычнай адукацыяй, валодаў дастаткова нескладанымі метадамі вызначэння дакладнага часу па сонцы і мог сам карэктаваць свае гадзіннікі. Тым больш, што з успамінаў яго дачкі я з задавальненнем даведаўся, што Тэадор па-сапраўднаму цікавіўся астраноміяй і нават меў невялікі тэлескоп: «Ужо ў старым узросце, бацька, узброены падзорнай трубой, вечарам сядзеў на ганку і глядзеў на зоркі. Белая, доўгая барада і цёмны шлафрок рабілі яго падобным на нейкага астролага з малюнка»48.


У лісце ад 2 кастрычніка 1840 г., Тэадор Нарбут паведамляў Рэніеру, што ўчора быў першы дзень без дажджу – «тры тыдні стаялі халады, і ішоў дождж, на нізінах небывалая паводка, пасеянае збожжа не расце, а запозненыя снапы гніюць. Няма ні восеньскай гародніны, ні насення кветак», – і далей: «Раз ты так ласкава ставішся да мяне, я прашу знайсці час і паглядзець мэблю, якая прадаецца па аб'яве ў дадатку да „Кур'ера“. Хачу купіць з дзесятак крэслаў, вялікую парадную канапу і дзве маленькія канапы ці шэзлонгі ў гасцёўню, два столікі, каб паставіць перад імі, і, можа, яшчэ што-небудзь такое. Каб даведацца пра кошт і дамовіцца, а можа і заплаціць – перш за ўсё за крэслы і канапу, пан Марціноўскі будзе ласкавы даць вам грошы ці гарантаваць аплату»49. Праз два тыдні гаспадар маёнтка Шаўры тлумачыць: «Мэбля мне патрэбная, аднак у віленскіх сталяроў яна занадта дарагая, я ўжо знайшоў сталяра і вясной змагу яго наняць. Аднак было б добра купіць мэблю на танным аўкцыёне, але прашу купіць яе толькі, калі будзе па-сапраўднаму танна. Адну канапу ці сафу, з тузін лёгкіх крэсел, маленькі, нізкі камод чырвонага дрэва, два шэзлонгі і больш нічога»50, – як бачым, гісторык заўсёды быў гатовы эканоміць на бытавых рэчах, да якіх, здаецца, ставіўся абыякава.


Гаспадар Шаўроў імкнуўся ўдасканальваць сваю гаспадарку, 20 кастрычніка 1840 г. ён пісаў: «На сваёй гаспадарцы я зрабіў дзіўнае назіранне, што белыя цукровыя буракі (ці шлёнскія), на маёй зямлі ў Шаўрах пастаянна незвычайна добра родзяць. Ужо некалькі гадоў, як быццам на пробу, сею іх і штогод атрымліваю добры ўраджай. Напрыклад, у гэтым годзе яны нідзе не ўрадзілі, а ў маім нізкім агародзе, у вельмі вільготнае лета, сабралі 5 бочак з паловы гарнца насення, але, па-праўдзе, буракі былі малыя. Раскажы свайму брату пра гэта. Ці можна мне з ім паразмаўляць самому, можа мы закладзём якую цукровую вытворчасць? […] Ты казаў мне, што твой брат ведае, як мураваць прамысловыя будынкі, напрыклад ёмістасць для бровара. Папрасі яго, каб даслаў мне інфармацыю з малюнкамі пяром ад рукі пра тое, як вымураваць дужую ёмістасць. Добра было б зрабіць гэта за тыдзень. Бо, буду мураваць, а маразы ўжо блізка», і дадае: «Не паверыш, якую шкоду нарабілі нам дажджы. Лугі пазаліваныя, сена няма, гародніна, авёс, гарох, грэчку – з поля гнілымі звозілі. Бульбы мала сабралі. Будзе голад у нашых сялян. Трэба запасацца хлебам, прадаваць няма чаго»51.

Недарма Нарбут згадвае бульбу – наш другі беларускі хлеб. У 9-м томе сваёй «Гісторыі літоўскага народа» ён пісаў: «Бульба ў Літве стала вядомай толькі ў другой палове XVIII ст., паводле інвентара маёнтка, у маёй вёсачцы садзіць гэтую расліну ў агародзе першы раз пачалі ў 1763 г., і, падобна, што так было ва ўсім Лідскім павеце»52. Дадам, што раней лічылася, што ўпершыню бульбу да нас завёз кароль Ян III Сабескі пасля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай у 1683 г. Але гісторык Анастасія Скеп'ян знайшла, магчыма, першы ўспамін пра бульбу – «bulbos americanos» – сярод апісання 1623 г. агарода пры віленскім палацы полацкага ваяводы Януша Кішкі, дзе некалькі яе кустоў раслі на адной градцы53. Заўважу, што беларускае слова «бульба», як і польскае «bulba, bulwa», чэшскае «bulva» і нямецкае «bolle» паходзіць ад лацінскага «bulbus» (усе маюць значэнне: «клубень, цыбуліна»)54. Такім чынам аказваецца, што беларускае слова «бульба» ніякае не народнае, тым больш не простанароднае, а самае што ні на ёсць навуковае і паходзіць яно з высакароднай латыні.

 

Думка пры выраб цукру не пакідае інжынера Нарбута. Тут трэба адзначыць, што да таго часу ў Вільні, у выдавецтвах, з якімі супрацоўнічаў і наш гісторык, выйшлі як найменей дзве кнігі пра буракі і выраб цукру з іх, што кажа пры цікаўнасць да гэтай тэмы55. 27 кастрычніка 1840 г. ён зноў нагадвае сябру: «Памятай, што трэба пагаварыць з тваім братам, у якога я хацеў бы папрасіць парады, нават дапамогі і супрацоўніцтва ў справе пабудовы цукровай фабрыкі, якую патрабуе мой добры ўраджай буракоў. Я такі чалавек, які калі нешта задумаў, дык распачынаю справу разважліва, а калі яна пачынае атрымлівацца, актыўна бяруся і заканчваю. Зараз гэта фабрыка ў маёй галаве, і я хачу знайсці знаўцу гэтай справы. На бяду з табой і тваім братам мы не жывём у адным горадзе, але спадзяюся, што справа атрымаецца», – у тым жа лісце ён перадае прывітанні сябру сваёй сям'і і распавядае пра цікаўнасць старэйшага сына Людвіка да біялогіі: «Калі гэта пішу, прыйшла маленькая Ёгалька56, а потым Крысціна57 спытала, ці пішу я зараз пану доктару? Адказваю: „Так“, – „Тады вельмі прашу яму кланяцца і дзякаваць, што ўзяў Эдварда пад сваю апеку і робіць яму дабро“. Ёгалька таксама робіць рэверанс і просіць кланяцца. Людвісь усё памятае і скардзіцца, што матылі памерлі. Меў тры прыгожыя вусені, з якіх ён расціў матылёў, але два ўцяклі са шклянкі, трэці ператварыўся не ў матыля, а ў ляльку, і ён бядуе, што яна непрыгожая і мёртвая. Сказаў яму, што ўвесну з яе будзе матыль, але ён не верыць, што з мёртвага можа паўстаць жывая істота»58.


Тэадор Нарбут увесь час займаўся ўдасканальваннем свайго маёнтку. Паляпшаў сістэму вырошчвання тэхнічных культур (лёну, канопляў і іншых), а таксама працаваў над пераводам гаспадаркі на прамысловы лад. Заснаваў вінакурню, заснаваў цукроўню і некалькі майстэрняў. Заняпалая падчас вайны 1812 г. гаспадарка ўзнімалася і разгаліноўвалася. Перадусім заквітнела хатняе рукадзелле, задавальняючы ўсе патрэбы дому, як гэта было ў большасці тагачасных гаспадарак. Вельмі пашырылася вырошчванне ільну і канапель (за вырабы з ільну Нарбут атрымаў медаль), адначасова да такой ступені развілося ткацтва, што ткацкія вырабы дому Нарбутаў мелі славу выключных.

Шаўры паволі ператвараліся ў мястэчка. Мелі піва і ўласную гарэлку, якая не абкладалася акцызам і перараблялася на знакамітыя літоўскія старкі, вядомыя ва ўсім краі і за яго межамі. Вуллі давалі мёд, які таксама перарабляўся на гаспадарцы: з яго выраблялі воцат і настойкі. Ураджаі хлебу на палях часцей за ўсё былі дастатковымі. Лясы, амаль некранутыя, давалі будаўнічы матэрыял, паліва, дзёгаць і смалу. Аборы і хлявы адзявалі і кармілі. Сады славіліся садавіной, а ставы рыбай.

Шаўры мелі ўласных рамеснікаў: цесляроў, дахаўшчыкаў, сталяроў, гарбароў, рымароў, ткачоў, краўцоў. Кравец Караль, які абшываў усю сям'ю Нарбутаў з тканін, вырабленых ў гаспадарцы, быў сапраўдным майстрам сваёй справы. Ваколічныя модніцы замаўлялі ў яго свае ўборы. Кухар Юрак мог дагадзіць самым вытанчаным кулінарным густам, а яго «свянцонае» славілася на ўвесь Лідскі павет. У тагачасным эканамічным жыцці кожны грош не лёгка пакідаў гаспадарскую кішэнь і гэтак жа цяжка ў яе патрапляў, бо сельскагаспадарчыя прадукты былі вельмі танныя.

Дом у Шаўрах уяўляў сабой згасаючы тып стараліцвінскіх двароў. У тагачасныя «прыгонныя» часы двор Нарбута выглядаў ідыліяй, бо акрамя пануючага паўсюдна ўціску, знаходзіліся і двары падобныя да Шаўроў, дзе хаты падданых сялян атачаліся клапатлівай апекай59.

Аднак, дачка Тэдора Манчунская пісала, што з-за недахопу сродкаў многія планы яе бацькі пацярпелі крах, хоць вёска, якую ён атрымаў у спадкі і ўласная праца, дазваляла жыць без даўгоў. Нарбут значна палепшыў гаспадарку, значна павысіў даходы, але грошай усяроўна не хапала, каб рэалізаваць планы гаспадара: «Маці казала мне, што ў маладосці бацька любіў на раніцы зрывацца з ложка, каб пешкам агледзець сад, праверыць, як скасілі луг, ці не пашкодзіў хтось прышчэпленую грушу. Потым праз поле ці луг вяртаўся і сядаў за малы драўляны столік, а вакол яго, на падлозе, ляжалі паперы і кнігі, ён пісаў, бо не меў другога стала і шафы. Пры падзеле з братам успадкаваў руіны і пусткі, але хацеў мець менавіта гэтую, а не іншую вёску. Бо карыстаўся тут блізкасцю Вільні да Шаўроў (яшчаркі па-летувіску), вёскі, якая была яго калыскай.

З-за сядзячай працы рабіў перапынкі – рэзаў на камяні, лежачы ў ложку перакладаў Дон Кіхота, смяяўся сам з сабой ці падчас чытання кніжак.

Не раз думала пра тое, як бацька мог з усім спраўляцца? Мець дастатак і дабрабыт. У мае часы ў нас ужо нічога не бракавала, меліся гаспадарчыя запасы, было быдла, коні, было ўсё неабходнае. <…> Бог абараняў працу майго бацькі, бо на працягу ўсяго яго жыцця не было ні перуна, ні граду – усе буры пачаліся толькі, калі бацька мусіў пакінуць свой дом, каб памерці, маці выслалі, аднаго брата забілі, другога саслалі ў Сібір, а я жыву ў Францыі. Пасля смерці бацькі пярун спаліў стайню, якая стаяла ў самай сярэдзіне, а зямлю вакол двара аддалі сялянам»60.

На пачатку 1841 г. Нарбут пісаў сябру-доктару: «Святы мы правялі дома. На двары доўгія завеі і буры, і ўсё бліжэй голад, таму не хочацца гучных забаў. Дзякуючы Богу, яшчэ маю трошкі здароўя»61. Праз тры тыдні: «Падобна, што гэтай зімой у Вільні не буду, бо, па-першае: гаспадарка, па-другое: пахаванне брата62 і сямейная жалоба, – усё гэта перашкаджае, да таго ж і грошай мала, бо нічога з прадуктаў не прадаў»63.

Слова «голад» неаднаразова гучыць у перапісцы Нарбута, і ён думае, як ратаваць сялян. У той час у Еўропе шырока абмяркоўваліся рэцэпты так званага «румфордскага супа», напрыклад, у 22-й главе першага тома «Капіталу» Карла Маркса знаходзім: «Пяць фунтаў ячменю, пяць фунтаў кукурузы, на 3 пенсы селядцоў, на 1 пенс (1 пенс = 1/240 фунта стэрлінгаў) солі, на 1 пенс воцату, на 2 пенсы перцу і зеляніны, разам на суму 20¾ пенса атрымліваецца суп на 64 чалавекі». Маркс прыводзіць гэты рэцэпт як прыклад таго, якімі спосабамі прагныя капіталісты імкнуцца танней пракарміць сваіх працоўных, і называе імя аўтара: «Гэта адзін амерыканкі гаварун, які атрымаў тытул – янкі Бенджамін Томпсан, ён жа граф Румфорд».

Тэадор Нарбут таксама зацікавіўся гэтым супам: «Нашы сяляне ўжо пакутуюць ад голаду. Я вырашыў паспрабаваць прыгатаваць румфордскі суп і, перабіраючы кнігі, знайшоў цэлы трактат пра гэты дабрачынны суп. Перакладаю… для Вільні: здаецца за 2 грошы кожны чалавек можна добра пад'есці. Хачу надрукаваць пра гэта брашуру і, каб лепш ведаць цэны ў Вільні, пасылаю запіску, у якую, калі ласка, у канцылярыі ратушы выпішы цэны і дашлі мне, а я хутка дашлю рукапіс»64, – пісаў гісторык 15 лютага 1845 г. Праз некалькі тыдняў ён паведаміў свайму сябру пра вынік прыгатавання супу: «Пра суп для сялян. Пробы былі паспяховымі, але я яшчэ не дапісаў рукапіс пра гэтую міласэрную справу. Зраблю кароткае апісанне і аддам у газеты. Цяжка нават уявіць, покуль сам не ўбачыш, колькі можа даць гэтае вынаходніцтва Румфорда!»65.

28 студзеня 1845 г. Тэадор Нарбут пісаў сябру: «… як толькі вырашу хатнія справы, хачу быць у Вільні. Мне даручылі працу начарціць план фасада і г. д. касцёла, які маюць будаваць у Эйшышках. А таксама зрабіць разлік матэрыялаў, работнікаў і коштаў. Таму, нягледзячы на ўзрост, давялося ўзяць у рукі цыркуль і пэндзаль. Удалося прыдумаць прыгожую форму для Панскай святыні, гатовыя ўжо малюнкі даслаў кс.-біскупу Каліноўскаму, а падлікі толькі ўчора закончыў. Паедуць яны ў Пецярбург»66. Вядома, што мураваны касцёл Ушэсця Хрыста ў 1847—1852 гг. з адасобленай ад яго званіцай, вышынёй у 40 м, быў пабудаваны ў Эйшышках па праекце Тэадора Нарбута.


Наступныя фрагменты з лістоў Тэадора Нарбута можна нават не каментаваць, той хто з большага ведае грамадскія настроі і праблемы таго часу, хто на сабе адчуў наша заходнебеларускае надвор'е – заўсёдную шэрую восень, той зразумее пачуцці глухога і засяроджанага на сябе чалавека. Багатая перапіска гаспадара Шаўроў паказвае, што нават для яго – якім бы адукаваным ён ні быў, як бы добра ні ведаў законы прыроды, як бы ён ні цікавіўся гаспадарчымі навінкамі – сумяшчаць творчасць і гаспадарку было вельмі цяжкай справай. Голад, падаткі і рэкруты. Смерць родных і суседзяў, безграшоўе, пажары, пастаянная барацьба з прыродай – сядзібу, размешчаную ў нізіннай, бязлеснай мясцовасці, знясільвалі, калі не засуха, дык моцныя дажджы. А гэта значыла толькі адно – хлеба не будзе.

6 снежня 1842 г.: «Парушыўся ў нас сезонны клімат гэтак жа, як і людскія норавы. Ні зімы, ні восені – восенню зіма, а зімой – ні тое, ні сёе. Можа з-за дэфармацыі прыроды ідзе і маральная дэфармацыя. Няма сёння ў нас нічога добрага. Падаткі, утрыманне магазінаў (дзяржаўных складоў з харчаваннем – Л. Л.) і выплаты ў скарб перавысілі 4 рублі срэбрам з сялянскай душы, гандаль паралізаваны, упадак Вільні, пажары, голад і беднасць, народ хварэе, памірае, і калі так пойдзе і далей, дык і адсутнасць навукі для моладзі будзе мець свой уплыў на маральнасць і асвету. О, бедная Літва! Да чаго ты прыйдзеш!»67.

20 снежня 1842 г.: «Выправіў у Вільню трохі збожжа, бо цалкам бракуе грошай, якія патрэбны для гаспадаркі. З новага года мы разам з Наваградскім паветам будзем належаць да Віленскай губерні. … Падаткі і корчмы бязмерна спустошылі кішэню, а яшчэ да гэтага аддаць рэкрута каштуе да 15 чырвоных злотых за кожнага»68.

Насамрэч, сталася трошкі не так – Наваградскі павет з Гарадзенскай перайшоў у Мінскую губерню, а Лідскі – у Віленскую.

21 красавіка 1843 г.: «Выберуся на кірмаш у Вільню, як толькі мая кішэня будзе добра адчуваць сябе, бо сёння яна занадта лёгкая. Вазьму з сабой яшчэ экзэмпляры «Гісторыі …”, якія ў мяне засталіся, можа прадам»69.

23 ліпеня 1844 г.: «Ідзе дождж дык дождж! Калі гэта не пачатак патопу, дык пачатак голаду і мору. Але так не паўсюдна: кажуць, што на поўдзень ад нас, за Нёманам, надвор'е добрае і ўраджай нядрэнны»70.

4 сакавіка 1845 г.: «Запусты прайшлі так добра, як толькі магчыма ў нашым стане»71.

29 верасня 1845 г.: «Сумнай для мяне навіной стала смерць с. п. Юстына Нарбута72, бо стары меў моцнае здароўе і хуткая дапамога добрага лекара магла б яго ўратаваць. Шляхетная Каміла 2 верасня пісала мне, што яе бацька вось ужо 10 дзён як хворы, яна хацела ведаць, ці не гасцюеш ты ў мяне ў Шаўрах, і я парадзіў ёй паслаць па цябе ў Вільню. Развітаўся з нябожчыкам 14 верасня»73.

Калі-нікалі Нарбута ахопліваў сапраўдны адчай, 20 студзеня 1846 г. ён піша: «О, Божа! Як тут глуха на вёсцы! Каб не кніжкі і адвечныя справы Боскія і людскія, загінуў бы ад нудоты ў гэтыя вартыя жалю часы»74.

Думаю, што Тэадор Нарбут, як і большасць творчых асоб, адчуваў, для чаго ён жыве, разумеў, што павінен зрабіць, ведаў, што ніхто акрамя яго гэтага не зробіць і ён павінен займацца тым, для чаго прыйшоў на гэты свет, павінен выканаць свае жыццёвае прызначэнне. Падобнае разуменне ўласціва творчым асобам, яно дапамагае ім жыць і ратуе іх ад жыццёвых нягодаў.


Зразумела, што Тэадор Нарбут працаваў не ўвесь час, з перапіскі можна даведацца і пра яго адпачынак. У архіве яго дачкі ёсць верш Нарбута пра казіно ў Лідзе (пераклад верша гл. у дадатках), напісаны ў 1823 г., дзе ён без сумнення бываў на кантрактах ці з іншай нагоды75. Рускі афіцэр Андрэй Розен у свой час апісаў адпачынак у гэтай лідскай установе ў 1821 г.: «У Лідзе ў святочныя і нядзельныя дні арганізоўваліся забавы […]. Для павелічэння танцавальнай залы разабралі сцяну і злучылі два сумежныя пакоі. У выніку, у сярэдзіне залы ўтварылася невялікая ўпадзіна, і мы, танцуючы вальс, уздымаліся ўверх і ўніз, але гэта не перашкаджала танцам і весялосці пад музыку яўрэйскага аркестра і пры святле сальных свечак. Як заўжды танцы скончыліся на світанку…»76.

Верагодна, у той час ужо немалады і глухі гісторык не надта цікавіўся танцамі, але Тэадора Манчунская падае ў сваім рукапісу яго вершаваны тэкст на матыў паланэза77 (пераклад верша гл. у дадатках), які Нарбут танчыў сам і любіў больш за ўсе іншыя танцы: «Любімай музыкай майго цалкам пазбаўленага слыху таты быў паланэз. З-за слыху ён цалкам перастаў чуць музыку, хоць раней сам граў на скрыпцы. У яго памяці засталіся толькі такты паланэза, і ён часта яго спяваў, пры гэтым пытаўся ў нас, ці не фальшывіць? Паказваў нам, як раней танчылі, як раней здымалі шапку перад дамай, прыкленчваючы пры гэтым і абапіраючыся на карабелю78, і ні адны імяніны ў нас ці збор гасцей не абыходзіліся без таго, каб наш бацька не загадваў граць паланэз. Ён не чуў музыку, але вёў даму ў першай пары праз усе пакоі і ў апошнім паварочваў»79.

Тэадор Нарбут усё жыццё пісаў вершы, частку з якіх пакінула ў сваім архіве яго дачка Тэадора Манчунская, але пісаў «для сябе» і не лічыўся добрым паэтам, яго дачка ўспамінала: «Мой бацька нарадзіўся яшчэ пры падзелах, а яго лютня нарадзілася ў 1798 г. ва ўзросце 14 гадоў, хоць яе і немагчыма параўнаць з лютняй Адама [Міцкевіча]…»80, – верагодна свой першы верш Нарбут напісаў у 14 гадоў.


Для гісторыка, як і для іншых асоб, перапынкамі ў бытавой нудзе былі розныя здарэнні, пра якія ён таксама пісаў свайму сябру. 30 жніўня 1842 г. Нарбут паведаміў доктару пра дзіўную падзею, якая раней адбылася ў Лідскім павеце: «Жыхар Лідскага павета Якімовіч узяў у арэнду па-францішканскі кляштар і жыве там ў келлі гвардыяна. Ён хацеў перарабіць спальню і за старой абіўкай знайшоў лацінамоўны рукапіс, напісаны вельмі старым почыркам, у якім меўся рэцэпт нейкага таямнічага спірту. Можа гэта быў рэцэпт алхіміка Твардоўскага ці Парацэльса? Захацеў паспрабаваць. Самым цяжкім было знайсці дзяўчыну. Знайшоў, наладаваў апарат, на які ў пэўнай позе села дзяўчына з нейкімі зёлкамі ў руках і з вянцом з зёлак і пёраў птушкі савы на галаве. Справа адбывалася ў поўнач. Тым часам апарат нагрэўся, колбы і рэторты ўзарваліся і разарвалі дзяўчыну на кавалкі. Сам Якімовіч атрымаў апёкі, ад якіх памёр, кляштар ледзь уратавалі. Гэта адбылося ў Лідскім павеце, у ліпені, у кляштары Шайбакполе»81. Інфармацыю пра падзеі ў Шайбакполі гісторык прасіў перадаць аптэкару Савіцкаму.

Пра гэты выпадак, Нарбут напісаў у сваёй кнізе82. Са спасылкай на Нарбута, паведамляў пра яго і Міхал Шымялевіч: «Ён (Якімовіч) пасля закрыцця кляштара францысканцаў у Шайбакполі Лідскага павета атрымаў у валоданне ад скарбу фальварак з сялянамі і гаспадарскія пабудовы былога кляштара, дзе і жыў. Падобна, што рамантуючы будынкі, ён знайшоў на кляштарным паддашшы, заваленыя рознай непатрэбнай мэбляй старыя паперы і стосы друкаваных кніг. Кнігі і паперы былі ўжо збуцвелыя і паедзеныя мышамі. Таксама быў там збор рэцэптаў і сакрэтаў алхімічных, але гаспадар мне іх не паказваў. Згодна з нейкім рэцэптам, (Якімовіч) хацеў зрабіць нейкі бальзам. Для гэтага, як патрабаваў рэцэпт, ён знайшоў цнатлівую дзяўчыну ва ўзросце 18 гадоў. Уважліва вывучыўшы паперы, алхімік развёў агонь у пустых склепах пад былым касцёлам, пры гэтым агні прыставіў флягу ці шкляную колбу, а сам разам з дзяўчынай раздзеліся дагала і пільнавалі начынне колбы, якое складалася з гаручых матэрыялаў. Хутка колба лопнула, адбыўся моцны выбух агню, ад чаго сам алхімік і дзяўчына атрымалі апёкі, ад якіх хутка памерлі. Гэта было ў 1837 г. Якімовіч у гэты час меў 35 ці 37 гадоў узросту»83.

30Malewski Czesslaw. Wykaz alfabetyczny z 1844 r. majątków pow. Lidzkiego // Ziemia lidzka. 2004. №2 (60).
31Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. II. Wilno, 1837. S. 383—384.
32Reda Griškaitė. Dvaras kaip «archyvas»: bajorija ir Lietuvos istorijos tyrimai (XIX a. 4—7 d.) // Metai. 2016. №10. Vilnius. P. 134—135.
33ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4. Арк. 105; Ody Horacego, рrełožone nawierszem polskim. Wilno, 1835. W drukarni W. Neumana. T. 1, 2.
34Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…].
35Wizerunki polskie, rysowaù z natury i litografowaù M. Fajans. Warszawa, nakùadem autora, w Drukarni rzàdowej przy Kom. Rzàd. Sprawiedliwoúci, 1857. S. 10.
36ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4. Арк. 105.
37Kronika Rodzinna. 1888. №9, 1 maja. S. 262—266.
38Kronika Rodzinna. 1888. №11, 1 czerwca. S. 328—335.
39Там жа.
40Kronika Rodzinna. 1888. №10, 15 maja. S. 294—300.
41Пра Паўлава, гл: Пра Паўлава, гл: Jerzy Hoppen. Rzeczpospolita Pawlowska // Slowo. 1938. №334.; Хопен Ежы. Рэспубліка ў Паўлаве // Наша слова. pdf. №4 (108), 24 студзеня 2024.
42Kronika Rodzinna. 1888. №13, 1 lipca. S. 393—398.
43Kronika Rodzinna. 1888. №9, 1 maja. S. 262—266.
44Там жа.
45ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 123 – 123 адв.
46Kronika Rodzinna. 1888. №9, 1 maja. S. 262—266.
47Лаўрэш Леанід. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі астраноміію Мінск, 2013. С. 109.
48ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 82.
49Kronika Rodzinna. 1888. №9, 1 maja. S. 262—266.
50Там жа.
51Там жа.
52Narbutt Teodor. Dzieje narodu litewskiego. T. 9. Wilno, 1841. S. 73.
53Скеп'ян Анастасія. Арганізацыя кухоннай службы пры магнацкіх дварах Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV—XVIII стст.): зборнік навуковых прац. Мінск, 2014. С. 6.
54Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1. Мінск:, 1978. С. 410.
55Гл: O domowem wyrabianiu i rafinowaniu cukru z buraków oraz o uprawie buraków w Litwie. Wilno: J. Zawadzki, 1837; Dubrunfaut Pierre Auguste. Sztuka robienia cukru z buraków: we 2 cz. zawierających instrukcyą jak uprawiać buraki i jak cukier z nich wyrabiać. Wilno: A. Marcinkowski, 1829.
56Дачка гісторыка Яна (Яганна).
57Жонка гісторыка.
58Kronika Rodzinna. 1888. №9, 1 maja. S. 262—266.
59Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego. S. 4—7.
60ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 79 адв – 83.
61Kronika Rodzinna. 1888. №10, 15 maja. S. 294—300.
62Здаецца, я больш нідзе не бачыў інфармацыі, што брат Тэадора – Ксаверый Нарбут, які нарадзіўся ў 1787 г., памёр на пачатку 1841 г.
63Kronika Rodzinna. 1888. №10, 15 maja. S. 294—300.
64Kronika Rodzinna. 1888. №13, 1 lipca. S. 393—398.
65Там жа.
66Kronika Rodzinna. 1888. №13, 1 lipca. S. 393—398.
67Kronika Rodzinna. 1888. №11, 1 czerwca. S. 328—335.
68Там жа.
69Там жа.
70Kronika Rodzinna. 1888. №12, 15 czerwca. S. 356—359.
71Kronika Rodzinna. 1888. №13, 1 lipca. S. 393—398.
72Пра Юстына Нарбута, гл: Лаўрэш Леанід. Юстын Нарбут // Наша слова. pdf №43 (95), 25 кастрычніка 2023.
73Kronika Rodzinna. 1888. №13, 1 lipca. S. 393—398.
74Kronika Rodzinna. 1888. №14, 15 lipca. S. 425—430.
75ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 23 адв.
76Успаміны пра Лідчыну на пачатку XIX ст. // Лідскі Летапісец. 2020. №2 (90). С. 72.
77ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 21.
78Карабеля – крывая шабля, прыналежнасць параднага ўбору шляхціца, насілася на поясе пры жупане або кунтушы.
79Там жа. Арк. 21 адв.
80Там жа. Арк. 10.
81Kronika Rodzinna. 1888. №11, 1 czerwca. S. 328—335.
82Гл: Pomniejsze Pisma historyczne. Wilno, 1856. S. 165—170.
83Шымялевіч Міхал. Збор твораў. укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 126.
Рейтинг@Mail.ru